САЛІГО́РСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА Размешчана каля г. Салігорск Мінскай вобл. Створана ў 1967 плацінай у сярэднім цячэнні р. Случ. Пл. 23,1 км², даўж. 24 км. найб.шыр. 2 км, найб.глыб. 4,5 м. Аб’ём вады 55,9 млн.м³. Даўж. берагавой лініі 70 км. Катлавіна выцягнута з ПнУ на ПдЗ. 40% берагоў — штучныя. У верхняй і сярэдняй ч. берагі нізкія, забалочаныя або ўмацаваныя насыпамі; каля Салігорска выш. іх 1—3 м, у залівах нізкія, забалочаныя. Да затаплення на месцы вадасховішча быў забалочаны тарфяны масіў. Дно выслана торфам, ілам, пяском. Мелкаводдзі (глыб. да 2 м) займаюць каля 40% вадасховішча. Ёсць 4 буйныя залівы. Сярэдні шматгадовы сцёк 288 млн.м³. Рэгуляванне сцёку сезоннае, аб’ём вады аднаўляецца 4 разы за год. Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню вады 1,5 м. Замярзае ў пач.снеж., лёд (таўшчыня да 50 см) трымаецца да канца сакавіка. Моцна зарастае; расліннасць (чарот азёрны, маннік вадзяны, аер звычайны, эладэя канадская, рдзесты, раскі і інш.) найб. пашыраны ў верхняй і сярэдняй ч. вадасховішча. Водзяцца плотка, акунь, шчупак, карась залаты, джгір, лешч, язь і інш. Выкарыстоўваецца для забеспячэння вадой прадпрыемстваў ВА «Беларуськалій», рэгулявання сцёку р. Случ, абваднення с.-г. угоддзяў. Вакол вадасховішча зона адпачынку. 2 санаторыі-прафілакторыі, лодачная станцыя. Вядзецца кантроль за хім. саставам вады ў сувязі з забруджваннем яе салявымі адваламі са Старобінскага радовішча калійных і каменнай солей.